ЗАХО́ДНЕ-ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ,

заходняя частка Пантыйскіх гор на Пн Турцыі паміж рэкамі Сакар’я і Кызыл-Ірмак. Даўж. 475 км. Выш. да 2600 м (г. Дэлігэпе). Хрыбты цягнуцца 2—3 паралельнымі радамі, якія размяжоўваюцца падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Чорнага м. Складзены з пясчанікаў, вапнякоў, метамарфічных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Зангулдакскі бас.). Вільготны клімат з боку Чорнага м. спрыяе развіццю горна-лясной расліннасці, вышэй за 2000 м альпійскія лугі. Паўд. хрыбты бязлесныя. У катлавінах, далінах і на нізінах вырошчваюць сады, вінаграднікі, кукурузу, рыс, тытунь і інш.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)